САТ'Я САІ БАБА

Развагі

Шыва-Шакті

Дзень Гурупурніма, 6 ліпеня 1963, 18:30. (Сат’я Саі Баба, Сат’я Саі Баба гаворыць ІІІ 5, 19).

[Заўвага рэдактара. Гэтыя развагі былі захапляльныя з двух прычынаў. Па-першае, Свамі прадэманстраваў свае здольнасьці, вылечыўшы сябе за некалькі сэкундаў перад тысячамі людзей ад паралюшу, які ён меў цягам васьмі дзён, і патлумачыўшы, чаму гэтая падзея мусіла адбыцца. Па-другое, Свамі ўпершыню ўзгадаў Према Саі, сваё наступнае ўвасабленьне. Свамі сказаў, што ён вернецца ў трэцім увасабленьні як Према Саі праз восем гадоў пасьля таго, як пакіне гэтае цела.]


Гэта не хвароба Свамі; гэта хвароба, якую Свамі мусіў прыняць, каб выратаваць некага. Свамі ня мае хваробаў і ніколі не захвараэе. Вы мусіце быць шчасьлівыя; толькі гэта зробіць шчасьлівым Свамі. Ад вашага смутку Свамі ня будзе шчасьлівы. Вашая радасьць – вось ежа Свамі.

(Пасьля, Баба даў Кастурі сыгнал гаварыць. Калі скончылася кароткая прамова Кастурі, Баба пажадаў, каб перад ім патрымалі мікрафон. Ён папрасіў у мікрафон: "Вінапістхунда!" Але, ня гледзечы на тое, што ён прасіў зноў і зноў, голас быў такі неразборлівы, што ніхто ня мог зразумець, што гэта значыць.

Тады ён знакам папрасіў вады. Калі яе прынесьлі, сваёй дрыготкай правай рукой ён прыснуў трошку вады на паралізаваную левую руку й на левую нагу. Ён стукнуў левую руку правай. У той жа момант, ён стукнуў абедзьвума рукамі сваю левую нагу, і гэтага дотыку было дастаткова, каб вылечыць яе. Ён зьняў хваробу ў адно імгненьне! Ён пачаў гаварыць! Гэта быў усё той жа музычны голас.)

Для тых, хто ня мае прытулку, Бог ёсьць прытулкам (телугу: дікку леніванікі девуде гатхі). Менавіта з гэтае прычыны я мусіў прыняць хваробу, на якую павінен быў захварэць адзін бездапаможны адданы. Ён мусіў пакутваць на гэтую жахлівую хваробу, а таксама на чатыры сардэчныя прыступы, што суправаджалі яе, і не перажыў бы гэтага. Таму, згодна са сваім абавязкам (дхарма) абараняць адданых (бхактасамракшана), я мусіў выратаваць яго. Канешне, гэта ня першы раз, калі я прымаў хваробы людзей, якіх хацеў выратаваць. Я меў гэты абавязак нават у папярэднім Сарыраме ў Шырдзі. Пакуты, якія вы бачылі, былі празьмерныя для гэтага пэўнага адданага, таму я мусіў выратаваць яго й прайсьці праз іх самому. Гэта мая гульня (ліла), мая сутнасьць. Гэта частка задачы, дзеля якой я прыйшоў, шіш’яракшана.

Людзі, якія былі побач са мной напрацягу апошняга тыдня, прасілі мяне даць ім імя чалавека, якога я выратаваў. Я сказаў ім, што гэта можа азлобіць іх супраць таго чалавека, бо скажуць, што Свамі “давялося перанесьці шмат болю, каб выратаваць гэтага аднаго чалавека”. Тады яны адказалі, што гэтага чалавека шанавалі б за надзвычайную адданасьць, якая схіліла Свамі прыйсьці яму на дапамогу той суботняй раніцай.

Некаторыя людзі нават пыталіся ў мяне, ці быў гэта той ці іншы чалавек, называючы імёны тых, хто меў удары паралюша, асабліва зь левага боку! Гэта нават яшчэ больш смяхотна, бо калі я выратоўваю чалавека, я выратоўваю яго цалкам. Я не чакаю, пакуль ён захварэе. І не пакідаю яму частку захворваньня, каб яго можна было вызначыць пасьля. Гэта ўсё здаецца мне сьмешным – меркаваньні й здагадкі, якія вы робіце.

Нават у Шырдзі, Дада Сахеб, Надарам, Балавантх – усе яны былі выратаваныя гэтымі сродкамі. Балавантху было наканавана захварэць на чуму, але бубон быў зьняты й хлопчык выратаваўся.

Магчыма, гэта быў самы доўгі перыяд, калі я трымаў адданых у зьдзіўленьні й непакоі. Так было з-за сардэчных удараў, якія інакш мусілі б здарыцца ў адданага, ад чаго ён таксама быў выратаваны. Да таго ж, ёсьць яшчэ адна прычына, чаму гэты перыяд мусіў заняць менавіта восем дзён. Я распавяду вам, чаму. Гэта значыць, што я павінен распавесьці вам аб сабе, аб нечым, што я не адкрываў да гэтага, нечым, што трымаў у сабе апошнія 37 гадоў. Прыйшоў час абвесьціць гэта. Гэта сьвяты дзень, і я мушу вам распавесьці.

Вы ведаеце, што ў той самы дзень, калі Я вырашыў адкрыць сваю Асобу, сваю місыю й сваё Прышэсьце, я абвесьціў, што належу да радоў (готра) Апаштхамбы Сутры й Бхарадваджы. Гэты Бхарадваджа быў вялікі мудрэц, які вывучаў Веды цэлых сто гадоў; але, адкрыўшы, што Веды бясконцыя (ананта), ён зьдзейсьніў аскезу (тапас) на працягненьне жыцьця, і атрымаў ад Індры працяг жыцьця два разы – кожны раз па стагодзьдзі. Нават пасьля ён ня здолеў прайсьці Веды да канца, і таму зноў папрасіў Індру аб яшчэ адной сотні гадоў. Індра паказаў яму тры агромістыя горныя грэбні й сказаў: “Тое, што ты вывучыў за тры стагодзьдзі, утварае толькі тры горсткі з трох грэбняў, якія складаюць Веды. Таму адкінь спробы вычарпаць Веды. Замест гэтага, выканай рытуал (яг’я), якому я цябе навучу; гэта дасьць табе плод Ведычнага навучаньня, поўны й цэлы”.

Бхарадваджа вырашыў выканаць рытуал; Індра навучыў яго, як ён робіцца; усе падрыхтаваньні былі завершаныя. Мудрэц хацеў, каб рытуал праходзіў з бласлаўленьня й пад кіраўніцтвам Шакті. Таму ён пайшоў на Кайласу, але час для прашэньня быў непадыходзячы. Шыва й Шакті былі занятыя спаборніцкім танцам, спрабуючы высьветліць, хто можа танчыць дольш. Так прайшло восем дзён, пакуль Шакті не заўважыла Бхарадваджу, які стаяў на холадзе. Яна папросту ўсьміхнулася яму й па-ранейшаму танчыла далей! Мудрэц памылкова зразумеў усьмешку як цынічную адмову збвярнуць на яго ўвагу яго, таму ён павярнуўся сьпіной да Кайласы й пачаў спускацца. На свой жах, ён зразумеў, што ягоныя левая нага, рука й вока выведзеныя з ладу паралюшом. Шыва ўбачыў, што мудрэц падае, падыйшоў да яго й супакоіў. Бхарадваджу сказалі, што Шакті насамрэч блаславіла яго й ягоны рытуал. Пасьля Шыва аднавіў Бхарадваджу ў сілах і вылечыў яго, спрыснуўшы вадой с джбана. Шыва і Шакті абодва блаславілі яго на тое, каб ён стаў рышы; яны сказалі, што абодва наведаюць рытуал.

Калі рытуал скончыўся, яны былі так задаволеныя, што блаславілі мудраца яшчэ больш. Шыва сказаў, што яны прымуць чалавечае аблічча й тройчы народзяцца ў родзе Бхарадваджы: адзін Шыва – як Шырді Саі Баба, Шыва й Шакті разам – у Путтапартхі як Сат’я Саі Баба, а пазьней адна Шакті – як Према Саі. Пасьля Шыва ўзгадаў хваробу, якая нечакана спасьцігла Бхарадваджу на Кайласе ў восьмы дзень чаканьня на холадзе пасярод ільдоў. Ён даў яшчэ адно абяццаньне. “Як выкупленьне за тое, што Шакті восем дзён не зьвяртала на цябе ўвагу, гэтая Шакті будзе пакутваць на паралюш 8 дзён, калі мы абодва народзімся як  Сат’я Саі й, на восьмы дзень, я вызвалю яе ад усіх прыкметаў хваробы апрыскваньнем вадой, гэтак жа, як я зрабіў на Кайласе, каб вылечыць тваю хваробу”.

Тое, чаму вы былі сьведкамі сёньня, зараз, было выкананьнем гэтага абяццаньня. Трэба было выканаць абяццаньне, дадзенае ў эпоху Трета. Цяпер я магу сказаць вам, што бедны, самотны адданы, што мусіў пакутваць на паралюш, які я ўзяў на сябе, быў зручнай нагодай, якая была выкарыстаная. Вядома, што рухавік цягніка не прызначаны для таго, каб цягнуць толькі адзін вагон; калі некалькі вагонаў гатовыя, тады запускаюць рухавік. Так і тут, трэба было прайсьці праз хваробу, выратаваць адданага, выканаць абяццаньне, патлумачыць таямніцу, больш яскрава абвесьціць Боскасьць праз дэманстрацыю гэтага Вялікага Цуда. Усё яно было дасягнута гэтай адной падзеяй.

Дазвольце мне сказаць вам яшчэ нешта: нішто ня можа ўскладніць альбо спыніць працу Аватара. Калі я быў наверсе ўсе гэтыя дні, некаторыя людзі неразважліва казалі: “З Саі Бабай усё скончана”, і многіх, хто ехаў у Путтапартхі, яны вярнулі назад!  Некаторыя казалі, што я знаходжуся ў самадхі, быццам я нейкі духоўны шукальнік (садхака)! Некаторыя баяліся, што я стаўся ахвярай чорнае магіі, быццам нешта магло б нанесьці мне шкоду! Слава гэтага Аватара будзе працягваць расьці дзень за днём. Некалі, калі  маленькі хлопчык Крышна падняў гару Говардхана, пастухі – дзяўчаты й хлопчыкі (гопі і гопалы) – зразумелі, што Крышна – Госпад. Цяпер ня толькі адна гара Говардхана, але цэлая горная града будзе паднятая, вось пабачыце! Майце цярплівасьць, майце веру. Заўтра раніцай я дам кожнаму з вас Паклоннае Бласлаўленьне, безь якога вы засталіся сёньня.

Адкрыцьцё

17 траўня 1968. (Сат’я Саі Баба, Сат’я Саі Гаворыць VI 210-213).

[Заўвага рэдактара. Гэта апошняя частка развагаў Сат’я Саі Бабы на Сусьветнай канфэрэнцыі арганізацыяў служэньня Бхагавана Шрі Сат’я Саі ў Бамбэі, 17 траўня 1968. У іх ясна й проста сьцьвярджаецца, што Сат’я Саі Баба ёсьць увасабленьнем Бога, які прыйшоў аднавіць справядлівасьць (дхарму).]


Паколькі ў гэтым месцы сабраліся тыя, хто мае адданасьць, і прыйшлі людзі ўсіх народаў, я не магу не паведаміць вам адзін факт. Сусьветныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя рэлігійным альбо духоўным праблемам, праводзіліся й раней, як і канфэрэнцыі пасьлядоўнікаў пэўных веравызнаньняў. Але яны праводзіліся толькі пасьля скону заснавальнікаў і боскіх натхняльнікаў. Гэта найпершы раз, калі праводзіцца Сусьветная канфэрэнцыя адданых людзей, у той час як увасабленьне прысутнічае перад усімі ў целе, прынятым для гэтай мэты, пад імём, абраным для гэтага Самім. Я мушу паведаміць вам гэты факт, бо сярод вас дзевяноста дзевяць асобаў з сотні ня ведаюць маёй Рэчаіснасьці. Вы прыйшлі сюды, прыцягнутыя разнастайнымі патрэбамі, цікаўнасьцю да духоўных пытаньняў, прагай разьвіваць арганізацыі, зь якімі вы зьвязаныя, захапленьнем альбо прывязнасьцю, любоўю альбо пашанай, альбо ўсплёскам натхненьня далучыцца да іншых і падзяліцца з іншымі ўласнай урачыстасьцю.

Па праўдзе, вам не зразумець сутнасьць маёй Рэчаіснасьці ні сёньня, ні нават праз тысячу гадоў непахіснае аскезы альбо палкага дасьледваньня, нават калі ўсё чалавецтва аб’яднаецца ў гэтым намаганьні. Але ў хуткім часе вы спазнаеце асалоду, якую вытоквае боскі Прынцып, што прыняў на сябе гэтае сьвятое цела й гэтае сьвятое ймя. Ваш добры лёс, які дасьць вам гэты шанец, вялікшы за тое, што было даступнае пустэльнікам, манахам, мудрацам, сьвятым і нават асобам, акія ўвасаблялі аспэкты боскае Славы!

Паколькі я рухаюся пасярод вас, ем як вы й гавару як вы, вы ўведзеныя ў зман меркаваньнем, што гэта ўсяго толькі прыклад звычайнае чалавечнасьці. Асьцерагайцеся гэтае памылкі. Таксама, я ўводжу вас у зман, сьпяваючы з вамі, размаўляючы з вамі й прымаючы з вамі ўдзел у дзейнасьці. Але [ў] кожны момант мая Боскасьць можа быць адкрытая вам; вы мусіце быць гатовыя, падрыхтаваныя да гэтага моманту. Паколькі Боскасьць ахутаная чалавечнасьцю, вы мусіце намагацца перамагчы майю (памылковае ўяўленьне), якая хавае яе ад вашых вачэй.

Гэта чалавечая форма, у якой праяўленыя ўсе боскія сутнасьці, кожны боскі прынцып, то бок, усе імёны й формы, прыпісваемыя чалавекам Богу. ...Не дазваляйце сумневам уводзіць вас убок; калі вы толькі ўсталюеце на алтары свайго сэрца непахісную веру ў маю Боскасьць, вы зможаце дасягнуць бачаньня маёй Рэчаіснасьці. Зь іншага боку, калі вы хістаецеся як маятнік гадзінніка, адно імгненьне – адданасьць, іншае – недавер, вы ншколі не займееце посьпеху ў разуменьні праўды й дасягненьні гэтага бласлаўленьня. Вам вельмі пашанцавала, што вы маеце шанец зьведаць асалоду бачаньня Сарвадайват’я Сварупы (формы, якая ёсьць усімі формамі Багоў) цяпер, у гэтым вашым жыцьці.

Дазвольце мне прыцягнуць вашую ўвагу да іншага факту. У папярэднія выпадкі, калі Бог увасабляўся на зямлі, бласлаўленьне пазнаць ва ўвасабленьні Яго зьнізходзіла толькі пасьля таго, як фізычнае уцялёсьненьне пакідала сьвет, ня гледзечы на шматлікія доказы ягонай славы. А вернасьць і адданасьць, якія яны патрабавалі ад людзей, паходзілі са страху й жаху перад іхнымі звышчалавечымі сіламі й здольнасьцямі альбо іхнай каралеўскай і карнай уладай. Але паразважайце хвілінку над гэтым Увасабленьнем Сат’я Саі; у гэтую эпоху лютага матэрыялізму, агрэсіўнага нявераньня й непавагі, што прыносіць яму пакланеньне мільёнаў па ўсім сьвеце? Вы упэўніцеся, што асноўнай прычынай для гэтага зьяўляецца па-над-сьветная Боскасьць у чалавечай форме.

Да таго ж, якія вы шчасьлівыя, што можаце быць сьведкамі таму, як усе краіны сьвету плоцяць даніну павагі Індыі (Бхараце); вы можаце чуць, як ушанаваньне ймя Сат’я Саі ракоча па ўсім сьвеце, пры тым, што гэтае цела жыве – ня некалі пазьней, але калі яно з вамі, перад вамі. Зноў такі, неўзабаве вы можаце стаць сьведкамі аднаўленьня Старажытнай і Вечнай Рэлігіі (Санатана Дхарма) у яе праўдзівым і сапраўдным статусе, аднаўленьня закона (дхармы), усталяванага ў Ведах на карысьць усіх народаў сьвету. Адраджэньне  ведычнае дхармы ёсьць санкальпай Саі (намерам, які Саі мае), якая ня толькі прыцягвае да мяне людзей, вабячы іх праяваю маёй шакті (магуты) і самартхі (здольнасьці). Гэта не бхрамататтва (зьява мыленьня). Гэтая зьява падтрымае праўду, яна выкараніць няпраўду, і таму перамога прымусіць усіх вас трыюмфаваць у экстазе. Гэта санкальпа (воля) Саі.

Некаторыя людзі, нават тыя, хто дасягнуў пэўнае ступені кіраўніцтва й аўтарытэту, пачалі разьменьваць Ведычныя формулы й прынцыпы Індыйскае (Бхаратыйскае) культуры на барыш, па сутнасьці, гандлюючы імі; і жыхары захаду таксама схільныя купляць іх! Гэтыя ісьціны й знаходкі – не тавар, які можна прадаваць і купляць. Таму хутка я еду ў заходнія краіны, каб паведаміць там аб іхнай сапраўднай каштоўнасьці й пакласьці канец гэтаму гандлю. Кіраўніцтвы ўнівэрсытэтаў у Злучаных Штатах Амэрыкі й студэнцкія лідэры гэтых унівэрсытэтаў ужо напісалі, што прагнуць прыняць мяне й ужо склалі для мяне праграмы. Толькі ўчора мне прынесьлі пашпарты для маёй паездкі ў Афрыку, молячы мяне наведаць тыя краіны; я адпраўляюся ў Афрыку да чэрвеня.

Таму выкарыстайце наколькі магчыма нагоду стасавацца са мной, і намагіцеся як можаце хутка й добра выканаць указаньні, якія я даваў. Следваньня маім настаўленьням дастаткова; гэта прынясе вам больш карысьці, чым самы суворы аскэтызм. Практыкуйце сат’я, дхарма, шанті й према, якія дарагія мне; наважцеся трымаць перад сабой гэтыя ідэалы заўжды, ва ўсіх сваіх думках, словах і ўчынках. Гэта можа ўзнагародзіцца для вас найвялікім дабром пагружэньня ў найвысокую сутнасьць Боскасьці.

Ключавая прамова

Развагі ў сорак-трэці дзень Народзінаў, 23 лістапада 1968. (Выдадзенае ў Саі Баба – сьвяты чалавек і псыхіятар Самуэля Сандвайса).

[Заўвага рэдактара. У гэтых развагах, Свамі амаль упершыню – у адмысловых развагах – гаворыць пра тое, што ён зьяўляецца Аватарам, і абвяшчае сваю місыю на зямлі: усталяваньне справядлівасьці.]


Для выратаваньня дабрадзейных, для зьнішчэньня злачынцаў і ўсталяваньня справядлівасьці на цьвёрдым апірышчы, я ўвасабляюся з эпохі ў эпоху. Калі б дысгармонія (ашанті) ні апаноўвала сьвет, Госпад увасабляецца ў чалавечай форме каб сьцьвердзіць сродкі дасягненьня міру (прашанті) і зноў навучыць чалавечую супольнасьць шляхам міру. У цяперашні час, суперніцтва й разлад скралі мір і адзінства зь сям’і, школы, грамадзтва, рэлігіяў, гарадоў і дзяржавы.

Прыбыцьцё Госпада таксама з хваляваньнем чакаецца сьвятымі й мудрацамі. Духоўныя шукальнікі (садху) маліліся, і я прыйшоў. Мае галоўныя задачы – клопат аб Ведах (Індуісцкія пісаньні) і клопат аб адданых. Вашая дабрадзейнасьць, вашае валоданьне сабой, вашая адрэчанасьць, вашая вера, вашая непахіснасьць: вось прыкметы, па якіх людзі пазнаюць маю славу. Вы можаце сьцьвярджаць, што зьяўляецеся адданым, толькі калі вы аддаліся ў мае рукі цалкам і зусім, бяз сьледу эга. Вы можаце адчуць асалоду перажываньня, якое дорыць Аватар. Аватар дзейнічае па-чалавечы, каб чалавецтва магло адчуць падабенства, але ўзносіцца ў звышчалавечыя вышыні, каб чалавецтва магло намагчыся дасягнуць гэтых вышыняў і праз гэтае імкненьне насамрэч дасягнуць яго. Усьведамленьне вамі Госпада ў сабе як пабуджальніка ёсьць задачай, для якой ён прыходзіць у чалавечай форме.

Аватарам як Рама й Крышна давялося забіць адну альбо некалькі асобаў, якія маглі быць вызначаныя як ворагі правага (дхармічнага) шляху жыцьця, і гэтак аднавіць дабрачынны парадак. Але цяпер няма нікога добрага цалкам, дык хто ж заслужвае абароны Бога? Усе сапсаваныя злосьцю, дык хто ж выжыве, калі Аватар вырашыць выкараніць яе? Таму, я прыйшоў выправіць сьвядомасьць (буддхі) рознымі сродкамі. Я мушу раіць, дапамагаць, загадваць, асуджаць і выступаць як сябра й дабразычліўца для ўсіх, каб яны маглі пазбавіцца ад злых схільнасьцьяў і, распазнаўшы слушны арыенцір, пакрочыць да яго й дасягнуць мэты. Я мушу адкрыць людзям каштоўнасьць Ведаў, Шастраў і духоўных тэкстаў, у якіх усталяваныя нормы. Калі вы прымеце мяне й скажаце “Так”, я таксама адгукнуся й скажу “Так, так, так”. Калі вы адмовіцеся й скажаце “Не”, я таксама паўтару “Не”. Прыходзьце, вывучайце, перажывайце, майце веру. Гэта сродак майго выкарыстаньня.

Я не ўзгадваю Саі Бабу ні ў водных сваіх развагах, але я нашу імя Аватара Саі Бабы. Я ніколькі не цаню падзел паміж рознымі постацямі Бога: Саі, Рама, Крышна й г.д. Я ня сьведчу, што гэтая важней, альбо што тая меньш значная. Працягвайце пакланеньне абранаму вамі Богу ў адпаведнасьці са знаёмымі вам прынцыпамі, тады вы адкрыеце, што вы набліжаецеся да мяне. Бо ўсе імёны – мае, і ўсе формы – мае. Няма патрэбы мяняць свайго абранага Бога й прымаць іншага, калі вы бачылі мяне й чулі мяне.

Кожны крок на шляху Аватара прадвызначаны. Рама прыйшоў насыціць карані праўды (сат’я) і справядлівасьці (дхарма). Крышна прыйшоў выпесьціць мір (шанті) і любоў (према). Цяпер усе гэтыя чатыры знаходзяцца пад пагрозай высыхненьня. Вось чаму прыйшоў цяперашні Аватар. Справядлівасьць, якая зьбегла ў лясы, мусіць вярнуцца ў вёскі й гарады. Проці-справядлівасьць, якая руйнуе вёскі й гарады, мусіць быць адагнаная назад у джунглі.

Я прыйшоў, каб даць вам ключы ад скарбу радасьці (ананда), каб навучыць вас адчыняць гэты струмень, бо вы забыліся на шлях шчасьця. Калі вы марнуеце гэты час вашага выратаваньня, гэта проста ваш лёс. Вы прыйшлі атрымаць ад мяне мішуру й сьмецьце, жаласныя дробныя вылекі й заахвочаньні, сьвецкія радасьці й выгоды. Толькі некаторыя з вас жадаюць атрымаць ад мяне тое, што я прыйшоў даць вам, а менавіта: само вызваленьне. Нават з гэтых нямногіх, тых, хто прытрымліваецца шляху духоўнае практыкі (садханы) й мае посьпех – усяго горстка.

Вашае сьвецкае разуменьне ня можа схапіць шляхі Госпада. Ён ня можа быць спазнаны простым спрытам розуму. Вы можаце атрымаць ад Госпада карысьць, але ня можаце патлумачыць яго. Вашыя тлумачэньні – усяго толькі здагадкі, спробы схаваць сваё няведаньне за напышнымі выразамі. Прынясіце нешта ў сваё паўсядзённае жыцьцё як доказ таго, што вы зьведалі сакрэт вышэйшага жыцьця ад мяне. Пакажыце, што вы маеце больш братэрскасьці. Гаварыце з большай мягкасьцю й вытрымкай. Пераносьце паразу, роўна як і перамогу, са спакойнай пакорлівасьцю – я заўсёды ўсьведамляю будучыню й мінулае, а таксама цяперашняе, кожнага з вас, таму я ня надта кіруюся літасьцю. Паколькі я ведаю мінулае, перадумовы, мая рэакцыя адрозьніваецца. Гэта наступствы зла, сьвядома зробленага вамі ў папярэднім нараджэньні, таму я дазваляю вашым пакутам працягвацца, часам зьмягчаючыся нейкай маленькай узнагародай. Я не выклікаю ні шчасьця, ні жалю. Ты – каваль абодвух ланцугоў, якія зьвязваюць цябе. Я – увасабленьне радасьці (Анандасварупа). Падыдзі, прымі ад мяне бласлаўленьне (ананда), замацуйся ў гэтай радасьці й будзь поўны міру (шанті).

Мае ўчынкі – падмуркі, на якіх я вяду сваю будоўлю, дзеля гэтай задачы я прыйшоў. Так мусяць тлумачыцца ўсе цудоўныя ўчынкі, якія вы назіраеце. Закладка гаці патрабуе разнастайнага матэрыялу. Бяз гэтага яна ня вытрымае й выпусьціць ваду. Увасабленьне Госпада мусіць у розныя спосабы выкарыстоўвацца чалавекам для свайго духоўнага росту.

Госпад ня мае намеру рэклямаваць сябе. Мне не патрэбная славутасць, як і ні воднаму іншаму аватару Госпада. Што вы асьмельваецеся рэклямаваць? Мяне? Што вы ведаеце пра мяне? Вы кажаце пра мяне сёньня адно, а заўтра іншае. Вашая вера не зрабілася непахіснай. Вы славіце мяне, калі справы йдуць добра, і папракаеце мяне, калі справы йдуць кепска. Калі вы распачынаеце рэкляму, вы апускаецеся да ўзроўню тых, хто спаборнічае ў назапашваньні прыбытку шляхам асуджэньня гіншых і ўсхваленьня сябе.

Там, дзе грошы падлічваюцца, зьбіраюцца альбо дэманструюцца як доказ нечых дасягненьняў, я ня буду прысутнічаць. Я прыходжу толькі туды, дзе цэняцца шчырасьць і вера, і адданасьць. Толькі нізкія розумы атрымліваюць асалоду ад славы й самаўзвялічаньня. Гэта ня мае значэньня ў выпадку Аватараў. Аватары не патрабуюць рэклямы.

Усталяваньне справядлівасьці (дхарма): вось мая мэта. Навучаньне дхарме, распаўсюд дхармы: вось мой аб’ект. Гэтыя цуды, як вы іх называеце, усяго толькі сродкі для гэтай мэты. Некаторыя з вас заўважаюць, што Рамакрішна Парамахамса (індыйскі сьвяты) казаў, што ёгічныя здольнасьці (сіддхі) – перашкоды на шляху духоўнага шукальніка (садхакі). Так, ёгічныя сілы могуць зьбіць духоўнага шукальніка са шляху. Ня ўцягваючыся ў іх, ён мусіць працягваць ісьці наперад. Ягонае эга зваліць яго, калі ён паддасца спакусе дэманстраваць свае ёгічныя здольнасьці. Гэта слушная парада, на якую мусіць зьвяртаць увагу кожны шукальнік. Але памылка палягае ў прыроўваньні мяне да садхакі накшталт таго, якога Рамакрышна хацеў падтрымаць, накіраваць і папярэдзіць. Гэтыя ёгічныя сілы папросту ўласьцівыя Аватару – стварэньне рэчаў з намерам абараняць і даваць радасьць зьяўляецца спантанным і сталым. Стварэньне, падтрыманьне й распад могуць дасягацца толькі Ўсемагутным... больш ніхто ня можа.

Цынікі прыдзіраюцца, ня ведаючы. Калі б яны вывучалі Шастры альбо пісаньні, альбо калі б набывалі непасродны вопыт, яны маглі б зразумець мяне. Вашая прыроджаная лянота замінае вам займацца духоўнымі практыкаваньнямі, неабходнымі для таго, каб зьведаць існасьць Бога. Гэтая лянота мусіць прайсьці. Яе трэба выціскаць з чалавечага характару, якую б форму яна не прымала. Гэта мая місыя. Мая задача – ня проста лячыць, і суцішаць, і пазбаўляць асобных людзей няшчасьцяў, але нешта большае. Выдаленьне няшчасьця й гароты не зьяўляецца галоўным у маёй місыі. Мая галоўная задача – аднаўленьне Ведаў і Шастраў (духоўных пісаньняў) і адкрыцьцё веданьня аб іх усім людзям. Гэтая задача пасьпяхова ажыцьцявіцца. Яна ня будзе абмежаваная. Яна ня будзе запаволеная. Калі Гасподзь прымае вырашэньне й зьдзяйсьняе волю, ягоная воля ня можа быць стрыманая.

Вы, мусіць быць, чулі, як людзі называюць усё, што я раблю, фокусамі. Але праяўленьне боскае магуты ня мусіць тлумачыцца ў тэрмінах фокусьніцтва. Фокусьнікі паказваюць свае штукі, каб зарабіць сабе на існаваньне, атрымаць сусьветную славу й багацьце. Яны ўкараніліся ў няпраўдзе й багацеюць на падмане, але гэтае цела ніколі не апусьцілася б да такога нізкага ўзроўню. Гэтае цела прыйшло праз Госпадаў намер прыйсьці. Гэты намер скіраваны на падтрыманьне праўды (сат’я). Боскі намер – заўсёды праўдзівы намер. Памятайце, няма нічога, чаго б не магла зьдзейсьніць боская сіла. Яна можа ператварыць зямлю ў неба, а неба ў зямлю. Сумнявацца ў гэтым – значыць, дэманстраваць, што вы надта слабыя, каб зразумець вялікія рэчы, веліч сусьвету.

Я прыйшоў, каб наставіць усіх у сутнасьці Ведаў, каб адарыць усіх гэтым каштоўным дарункам, абараніць старажытную мудрасьць (санатана дхарма) і захаваць яе. Мая місыя – распаўсюджваць шчасьце, таму я заўсёды гатовы паўставаць перад вамі не адзін раз, але два альбо тры – столькі, колькі вы хочаце мяне бачыць. Магчыма, многія з вас думаюць, што паколькі людзі з усіх частак Індыі й нават іншаземных краінаў за межамі Індыі прыяджаюць у Путтапарті, яны, мусяць быць, робяць свае ўнёскі ў скарбонкі Нілайаму (Прашанті Нілайам: назва ашраму Саі Бабы). Але дазвольце мне абвесьціць праўду. Я нічога ні ад кога не бяру, акрамя іхных любві й адданасьці. Гэта было маёй пасьлядоўнай практыкай напрацягу многіх апошніх гадоў. Людзі, якія сюды прыяджаюць, даюць мне толькі скарб веры, адданасьці й любві. Гэта ўсё.

Многія з вас прыйшлі да мяне з праблемамі здароўя і ўнутраным непакоем   таго ці іншага кшталту. Гэта – ня больш чым прыманкі, якімі вас сюды прывялі. Але галоўная мэта – гэта каб вы змаглі атрымаць бласлаўленьне й узмацніць сваю веру ў боскае. Праблемы й клопаты насамрэч трэба вітаць, бо яны вучаць вас урокам пакорлівасьці й пашаны. Пагоня за зьнешнімі рэчамі прыносіць усю гэтую незадаволенасьць. Такі кшталт жаданьня ня мае канца. Як толькі вы зрабіліся рабом пачуцьцяў, яны не выпусьцяць вас з рук, пакуль вы не памрэце. Гэта няўтольная смага. Яле я клічу вас да сябе й нават дару сьвецкія выгоды, каб вы маглі павярнуцца да Бога. Аніводны Аватар не рабіў гэтак раней, не хадзіў пасярод масаў, настаўляючы іх, накіроўваючы іх, суцяшаючы іх, абадзёрваючы іх і ўказваючы ім шлях праўды, справядлівасьці, міру й любві (сат’я, дхарма, шанті й према).

Мае дзеяньні й захады ніколі ня зьменяцца, хто б якое меркаваньне пра іх ні выказваў. Я не ўнясу зьменаў ў свой плян падтрыманьня справядлівасьці (дхармастхапана), свае дыскурсы альбо свае захады. Я трымаўся гэтага вырашэньня шмат гадоў, і я заняты задачай, дзеля якой я прыйшоў: то бок, прывіць веру ў шлях найвысокага духоўнага міру (прашанті). Я не спынюся й не адступлюся ні на крок.

Нават найвялікшы навукоўца ня можа зразумець мяне сродкамі свайго лябараторнага веданьня. Я заўсёды поўны радасьці. Што б ні здарылася, ні што ня можа перашкодзіць маёй усьмешцы. Таму я магу перадаваць вам радасьць і аблягчаць ваш цяжар. Я ніколі не весялюся, калі мяне ўсхваляюць, і ня моршчуся, калі мяне абраджаюць. Нямногія зразумелі маё прызначэньне й значнасьць, але я не хвалююся. Калі мне прыпісваюцца рэчы, якіх ува мне няма, чаму я мушу хвалявацца? Калі ўзгадваюцца рэчы, якія ўва мне ёсьць, чаму я мушу весяліцца? Для мяне гэта заўсёды “Так, так, так...” Калі вы адрачэцеся ад усяго й аддадзіцеся Госпаду, ён будзе абараняць і весьці вас. Госпад прыйшоў толькі для гэтай задачы. Ён абвяшчае, што ён так зробіць, і што гэта тая самая мэта, якая прывяла яго сюды. Я ведаю хваляваньні вашага сэрца й ягоныя памкненьні, але вы ня ведаеце майго сэрца. Я рэагую на боль, які вы пераносіце, бо я ў вашым сэрцы. Я – жыхар храму кожнага сэрца. Не губляйце стасункаў і прыяцельства, бо вугаль можа зрабіцца гарачым, толькі калі ён знаходзіцца ў кантакце з жывымі вуглямі.

Узрошчвайце пачуцьцё блізкасьці да мяне ў сваім сэрцы, і гэта будзе ўзнагароджана. Тады вы таксама набудзеце частку гэтай усевысокай любві. Гэта вялікі шанец. Будзьце ўпэўненыя, што ўсе вы вызваліцеся. Ведайце, што вы выратаваныя. Многія ненаважваюцца паверыць, што справы палепшацца, што жыцьцё будзе шчасьлівае для ўсіх і поўнае радасьці, і што залатое стагодзьдзе надыйдзе зноў. Дазвольце мне запэўніць вас, што гэтае боскае цела (дхармасварупа) не прыйшло дарэмна. Яно дамажэцца посьпеху ў адхіленьні крызысу, які апанаваў чалавецтвам.

Кім ёсьць Саі?

9 чэрвеня 1974. (Сат’я Саі Гаворыць IX, 88-92).

[Заўвага рэдактара. Свамі гаворыць пра Бога, рэлігію Любві й сваё Аватарства. Ён тлумачыць, чаму ён матэрыялізуе кольцы й г.д., і дае іх людзям, а таксама тлумачыць, што значыць “Саі Баба”.]


Бог загадкавы. Ён ня можа быць спасьцігнуты ў зьнешнім аб’ектыўным сьвеце; Ён – у самым сэрцы кожнай істоты. Каштоўныя камяні трэба шукаць глыбока пад зямлёй; яны ня плаваюць высока ў паветры. Шукайце Бога ў глыбінях саміх сябе, не ў дражнячай, калейдаскапічнай прыродзе. Цела вам дадзеная для гэтай высокай мэты; але зараз вы злаўжываеце ім, як чалавек, які гатаваў сваю паўсядзённую ежу ва ўсыпанай каштоўнымі камянямі залатой вазе, якая дасталася яму як сямейная каштоўнасьць.

Чалавек усхваляе Бога як усепрысутнага, усяведнага й усемагутнага, але не надае значэньня ягонай Прысутнасьці ў сабе! Канешне, многія наважваюцца апісваць уласьцівасьці Бога й заяўляць, што Ён такі ці іншы; але гэта ўсяго толькі іхныя ўласныя здагадкі й адлюстраваньні іх уласных густаў і схільнасьцяў.

Хто можа сьцьвярджаць, што Бог – тое ці іншае? Хто можа сьцьвярджаць, што Бог ня мае нейкай формы, альбо мае нейкую ўласьцівасьць? Кожны можа ўзяць зь бязмежнай прасторы акіяну толькі тое, што можа зьмясьціцца ў судзіне, якую той нясе да ягонага берагу. З гэтай колькасьці, яны могуць спасьцігнуць толькі маленькую частку гэтае непамернасьці.

Кожная рэлігія вызначае Бога ў рамках, якія яна разьмяжоўвае, а пасьля сьцьвярджае, што спасьцігла Яго. Як сем сьляпакоў, якія гаварылі пра слана як пра слуп, махала, вяроўку альбо сьцяну, бо яны датыкнуліся толькі да часткі й не маглі ўявіць жывёлу цалкам, гэтак жа й рэлігія гаворыць пра частку й сьцьвярджае, што яе бачаньне поўнае й дасканалае.

Кожная рэлігія забываецца, што Бог ёсьць усімі формамі й усімі імёнамі, усімі ўласьцівасьцямі й усімі сьцьвярджэньнямі. Рэлігія чалавечнасьці ёсьць сукупнасьцю й сутнасьцю ўсіх гэтых частковых вераў; бо ёсьць толькі адна рэлігія, і гэта рэлігія Любві. Усе розныя канцовасьці слана, якія здаваліся асобнымі й адрознымі бязвокім шукальнікам ягонага праўдзівага вобразу, былі натоленыя й прыведзеныя ў дзеяньне адным адзіным струменем крыві; усе разнастайныя рэлігіі й веравызнаньні, якія адчуваюць сябе асобнымі й адрознымі, натоленыя адзіным струменем любві.

Зрокавае пачуцьцё ня можа выразна выяўляць праўду. Яно дае толькі памылковыя й затуманеныя зьвесткі. Напрыклад, многія назіраюць за маімі дзеяньнямі й пачынаюць абвяшчаць, што я маю тую ці іншую прыроду. Яны ня здольныя вымерыць сьвятасьць, велічнасьць і вечную рэчаіснасьць, якая ёсьць мной. Сіла Саі бязьмежная; яна праяўляецца заўжды. Усе формы “сілы” знаходзяцца ў гэтай далоні Саі.

Але тыя, хто прычыняюцца, быццам бы зразумелі мяне – вучоныя, ёгі, пандыты, жняні – усе яны ўсьведамляюць толькі найменш значнае, нясталае праяўленьне бясконца малой часткі гэтае сілы, а менавіта – “цуды”! Яны не пажадалі дакрануцца да крыніцы ўсёй сілы й усёй мудрасьці, якая даступная тут, у Вріндаване. Яны задаволеныя, калі яны ловяць шанец паказаць сваё кніжнае веданьне й прадэманстраваць сваю адукаванасьць у ведычным вучэньні, не разумеючы, што асоба, ад якой паходзяць Веды – сярод іх, дзеля іх. Яны нават просяць, у сваёй ганарлівасьці, аб яшчэ некалькіх шанцах!

Гэтак было ва ўсе эпохі. Людзі могуць знаходзіцца вельмі блізка (цялёсна) да Аватара, але яны пражываюць свае жыцьці, не падазраючы аб сваёй удачы; яны перабольшваюць ролю цудаў, якія так дробныя ў параўнаньні з маёй славай і веліччу, як камар па памеры й сіле ў параўнаньні да слана, на якога ён садзіцца. Таму, калі вы кажаце пра гэтыя “цуды”, я ўнутрана сьмяюся ад шкадаваньня, што вы так лёгка дазволілі сабе згубіць каштоўнае ўсьведамленьне маёй рэчаіснасьці.

Мая сіла невымерная; мая праўда невымўоная, непамерная. Я заяўляю гэта пра сябе, бо ў гэтым узьнікла патрэба. Але тое, што я зараз раблю – усяго толькі дар “візытнае карткі”! Дазвольце мне сказаць вам, што з усіх Аватараў, якія выразна сьцьвярджалі праўду, толькі Крышна рабіў гэта так зразумела й так беспамылкова. Ня гледезчы на абвяшчэньне той праўды, вы заўважыце, што той жа Крышна на сваім шляху часам перажываў паразу ў сваіх намаганьнях і спробах; да таго ж, вы павінны заўважыць, што тыя паразы таксама былі часткай драмы, якую ён заплянаваў і якую ён сам ставіў. Напрыклад, калі многія каралі малілі яго перадухіліць вайну з Каўравамі, ён прызнаўся, што ягоная місыя ў Суд Каўраваў для забесьпячэньня міру “правалілася”! Але ён не жадаў, каб яна мела посьпех! Ён вырашыў, што вайна мусіць весьціся! Ягонай місыяй было агалосіць сквапнасьць і несправядлівасьць Каўраваў, і асудзіць іх перад усім сьветам.

Цяпер я мушу сказаць вам, што падчас гэтага Саі Аватара няма месца нават для такой “драмы” са сцэнамі няўдачаў і перамогаў! Што я жадаю, мусіць адбыцца; што я пляную, мусіць мець посьпех. Я ёсьць праўда; і гэтай Праўдзе няма патрэбы вагацца, альбо баяцца, альбо ўхіляцца.

“Жаданьне” залішнее для мяне. Бо мая слава заўсёды даступная адданым, якія маюць сталую любоў і веру. Паколькі я свабодна рухаюся пасярод іх, размаўляючы й сьпяваючы, нават інтэлектуалы ня здольныя спасьцігнуць маёй праўды, маёй сілы альбо маёй сапраўднай задачы як Аватара. Я магу вырашыць любую, якую б ні было заблытаную, праблему. Я – па-за дасягальнасьцю для самага напружанага вывучэньня й самага руплівага вымярэньня. Толькі тыя, хто пазнаў маю любоў і перажыў гэтую любоў могуць сьцьвярджаць, што яны бегла зірнулі ў маю рэчаіснасьць. Бо шлях любві ёсьць каралеўскай дарогай, якая вядзе да мяне чалавецтва.

Не спрабуйце пазнаць мяне вонкавым зрокам. Калі вы ідзеце ў храм і стаіце перад выявай Бога, вы моліцеся з зачыненымі вачыма, хіба не? Чаму? Бо вы адчуваеце, што толькі ўнутраны зрок мудрасьці можа адкрыць Яго вам. Таму, не жадайце ад мяне звычайных матэрыяльных рэчаў; але, жадайце мяне, і вы будзеце ўзнагароджаныя. Гэта ня значыць, што вы ня мусіце прымаць ад мяне ні якіх рэчаў, якія я даю як знак славы з паўнаты Любві.

Я мушу сказаць вам, чаму я даю гэтыя кольцы, талісманы, пацеркі й г.д. Гэта каб адзначыць сувязь, якая ўсталявалася паміж мной і тымі, каму яны даюцца. Калі на іх абрынаецца няшчасьце, рэч маланкамгненна зьвяртаецца да мяне й маланкамгненна прыносіць ад мяне лякарнае бласлаўленьне абароны. Гэтая Слава даступная ўсім, хто зьвяртаецца да мяне пад любым імём ці ў любой форме, ня толькі тым, хто носіць гэтыя падарункі. Любоў – сувязь, якая здабывае бласлаўленьне.

Падумайце над значэньнем імя Саі Баба. Са значыць “Боскі”; аі значыць “маці”, а Баба значыць “бацька”. Імя ўказвае на боскую маці й боскага бацьку, як раз як Самбашіва, што таксама значыць боскіх маці й бацьку. Вашыя фізычныя бацькі праяўляюць Любоў зь некаторай доляй самасьці; але гэтыя Сайскія “маці й бацька” выказваюць любоў альбо вымовы, толькі каб весьці вас да перамогі ў барадзьбе за самаўсьведамленьне.

Таму Саі прыйшоў, каб выканаць найвысокую задачу аб’яднаньня ўсяго чалавецтва ў адну сям’ю сувязьзю братэрства, сьцьвярджэньня й вытлумачэньня Атмічнае рэчаіснасьці кожанае істоты з мэтай адкрыцьця Боскага, якое ёсьць асновай, на якой спачывае ўвесь сьветабуд, і настаўленьня ўсіх у бачаньні агульнай боскай спадчыны, якая зьвязвае чалавека з чалавекам, каб чалавек мог вызваліць сябе ад жывёльнага й узьняцца да Боскага, што зьяўляецца ягонай мэтай.

Я ёсьць увасабленьнем боскае любві; любоў – мая прылада. Няма істоты, у якой не было б любві; найнізкія любяць прынамсі саміх сябе. А гэтае само й ёсьць Бог. Таму атэістаў не існуе, хоць некаторыя могуць нелюбіць Яго альбо адмаўляцца ад Яго, як хворыя на малярыю ня любяць салодкае альбо хворыя на дыябет адмаўляюцца ад усяго, што зьвязана з салодкім! Тыя, хто ганарыцца сваім атэізмам, аднойчы, калі іхная хвароба пройдзе, пакаштуюць Госпада й ушануюць Яго.

Я мусіў распавесьці вам так шмат аб сваёй праўдзе, бо я жадаю, каб вы паразважалі над гэтым і атрымалі з гэтага радасьць, каб такім чынам вы маглі натхніцца выконваць выкладзеныя мной наказы й рухацца да мэты самаўсьведамленьня, усьведамленьня Саі, які зьзяе ў вашых сэрцах.

Перакладзена з ангельскай, паводле www.sathyasai.org, Менск, 2005 г.

 

Хостинг от uCoz